Гарадок запрашае гасцей на Дзень беларускага пісьменства
Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе быў старажытны Полацк, потым гасцей з усяго свету сустракалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Слонім і іншыя старажытныя культурныя цэнтры Беларусі.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе 2–3 верасня ў Гарадку Віцебскай вобласці, вядомым з XVIII стагоддзя. Менавіта тут нарадзіўся Канстанцін Вераніцын – аўтар аднаго з папулярных твораў беларускай літаратуры XIX стагоддзя «Тарас на Парнасе». У Гарадоцкім раёне ўстаноўлена самая вялікая ў краіне скульптура ў гонар беларускіх партызан – у невялікім урочышчы Шчаблова. Гарадокскі раён лічыцца адным з самых «водных» у Беларусі: на яго террыторыі знаходзіцца 161 возера, а рэкі маюць агульную працягласць больш за 733 км.
У праграме Дня беларускага пісьменства шмат мерапрыемстваў, якія зацікавяць прыхільнікаў кнігі і проста людзей, жадаючых карысна правесці час у Гарадку. Асноўны акцэнт – гэта найперш юбілейная дата – 30-годдзе існавання Дня беларускага пісьменства. Ключавой стала таксама дата 80-годдзя вызвалення Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Год міру і стваральнай працы гэта дата з'яўляецца вельмі значнай. Яна знойдзе сваё адлюстраванне ў шэрагу мерапрыемстваў і канцэртных нумарах адкрыцця і закрыцця свята.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачала рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў», якая стартавала 30 жніўня. За 30 гадоў правядзення яе ўдзельнікамі сталі 415 чалавек.
1 верасня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ладзіць Міжнародны круглы стол «Роля кнігі ў жыцці грамадства. Мінулае і сучаснасць».
2–3 верасня будзе арганізавана работа Фестывалю кнігі і прэсы, прадстаўленага тэматычнымі павільёнамі: «Гарады – сталіцы Дня беларускага пісьменства», «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага», «Кнігі і прэса».
Адметнасцю свята ўжо не першы год з'яўляецца канцэрт літаратараў, які праводзіцца на цэнтральнай пляцоўцы. Сёлета ён адбудзецца 3 верасня. Там нават прагучаць песні, спецыяльна напісаныя да Дня беларускага пісьменства і прысвечаныя Гарадку.
Асноўнай падзеяй дня стане ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXX Дня беларускага пісьменства, падчас якой пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія».
Урачыстая цырымонія закрыцця пачнецца ў 14:00 на галоўнай сцэне свята, якая завершыцца перадачай вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства 2024 года.
Больш падрабязна пра праграму ХХХ Дня беларускага пісьменства можна даведацца тут.